Я не памятаю дзень, калі ўпершыню пазнаеміліся з “Папікам”. Гэта дакладна было ў Кіеве. Хутчэй за ўсе ў цяперашняй распалазе палка Каліноўскага. Наперад за ўсе я пачуў пацешныя пазыўныя “Папік” і “Зайка”. Я яшчэ падумаў, што за парачка такая з гамасяцкімі пазыўнымі?) Але гэта былі незнаемыя паміж сабою людзі і пазыўныя толькі на слых былі пацешнымі.
Якім я ведаў “Папіка”? Якія сітуацыі мы перажылі? Запішу падрабязна ўсе тыя моманты, каб захаваць у памяці гэты перыяд з жыцця майго пабраціма.
“Папік” апынуўся ў маім аддзяленні (11 чалавек). У Кіеве жыў з хлопцамі ў пакоі за сценкай. Рабіў уражанне сур’ёзнага, больш маўклівага разважлівага чалавека, які ўмее часам пажартаваць.
Мікалаеў
У Мікалаеў мы прыехалі 3 траўня 2022 і апынуліся з “Папікам” у адным пакоі. Мне дастаўся больш-менш прымальны ложак. Двое хлопцаў спалі таксама на нейкіх кароткіх канапах, а “Папік” і яшчэ чацвёра хлопцаў масціліся на падлозе на дыванках. Пра знаходжанне ў Мікалаеўскай распалазе я заўсёды жартам адказваў на пытанне:
– Як там?
-Як у санаторыі, толькі могуць забіць).
Рускія былі адносна далёка і да нас прыляталі часам толькі іх ракеты. Пастаянна лёталі дроны – звычайная рэч на гэтай вайне – як зоркі ўначы.
Пару разоў мы апраналі бронікі ад блізкіх прылётаў. А адзін раз – накшталт касетныя снарады прыляцелі адносна недалёка – трэсліся сцены ад парываў і мы ў броніках ляглі на падлогу.
У астатнім у нейкім сэнсе было прасцей, чым у Кіеве. Узмоцненых трэніровак не было – непажадана было з’яўляцца на вуліцы групамі. Нарады па кухні па содням. Нарады па ахове распалагі па 3 гадзіны два разы на содні, калі выпадала чаргу – гэта прасцей, чым у Кіеве – суткі дзяжурыць 3 гадзіны праз 3 гадзіны.
Напэўна, тут, я магу памыляцца, я ўпершыню пачуў ад “Папіка” паняцце “баявое шараебства”. “Баявое шараебства” – гэта такая жартоўная назва ўсяго таго часу, калі ты не задзейнічаны ў нарадах, трэніроўках, вывучэнні зброі, на палігоне і іншым. Сюды адносіцца і сон пасля начнога нараду. “Папик” жартам называў сябе “настаўнікам” па “баявым шароебству”, а мяне сваім “лепшым вучнем”. Нават “абяцаў” выдаць дыплом).
Мы чакалі ратацыю з першай ротай на другую лінію агню пад Мікалаеў з задачай трымаць пазіцыю. Так прайшло тры тыдні.
27 мая наш узвод у поўным складзе прыняў удзел у добраахвотнай аперацыі па вызваленні ўкраінскага сяла Лазавое на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей. За пару дзён да гэтага нас пастроілі, растлумачылі задачу, сказалі, што будуць страты. Удзел добраахвотны.
Нам “наракалі” дзесяць трунаў. Усе хлопцы нашага аддзялення акрамя аднаго чалавека практычна адразу далі згоду на ўдзел. Асаблівых ваганняў ісці-не ісці не было. Мы былі падобны на спелы яблык, які толькі і чакаў, каб яго сарвалі (накіравалі ў бой). Засядзеліся. Шкадавалі толькі пра тое, што так і не пабывалі пад абстрэламі на другой лініі, каб зразумець як гэта – пад мінамётным агнём.
Рухацца да кропкі мы павінны былі ў бліжэйшы дзень-два. Камандзіры дапрацоўвалі план нашай сумеснай з УСУ аперацыі. Пару разоў мы выходзілі на трэніровачныя маршы ў поўнай выкладцы, каб зразумець ці ідэальна падагнаны рыштунак. Ці па сілах нагрузілі штурмавыя заплечнікі. Мы былі цалкам гатовыя. Але некалькі разоў дзень выхаду адкладаўся. Я яшчэ казаў “Папіку”, што цярпець не магу чакаць, калі рашэнне прынята – хочацца хутчэй дзейнічаць. Да таго ж гэта вайна. І была асцярога, што ўсё перайграецца і наш удзел у баі адменяць. Не адмянілі.
Лазавое
Выехалі на кропку старту. Запомнілася карціна: дарога, украінскі трактар, які ўзворвае поле, акопы, выкапаныя ўздоўж дарогі экскаватарам, і свежыя варонкі ад выбухаў. Гэтакая карціна: “Жыцце і смерць”, дзе элементы смерці – акопы і варонкі, а элемент жыцця – трактар, які сее будучы ўраджай для таго, каб жыццё працягвалася. Пазней, у Лісічанску, “Папік” мне распавёў, што гэтай вясной ён па тэлефоне вырашаў усе пытанні з узворваннем, угнаеннем і засевам некалькіх гектараў украінскай зямлі, якая яму належала.
Мы размясціліся ў падвале дома ў адной з прыфрантавых вёсак. Падлога склепа была пяшчаная і сухая. Мы з “Папікам” спалі побач на падлозе на дыванках у спальніках. Перыядычна вёску абстрэльвалі рускія мінамёты, але прамых трапленняў у наш будынак не было – толькі аскепкі часам білі па сценах. Тут мы прабылі дзве ці тры ночы.
У падвале, вакол падрабязнай карты мясцовасці на якой меўся быць бой, камандзіры азнаёмілі нас з задачамі, якія стаялі перад намі: начны марш-кідок працягласцю каля 5 кіламетраў да ракі, пераправа праз раку, 500 метраў да лесу праз поле, якое знаходзіцца пад кантролем рускіх, збор і разгрупаванне на ўскрайку лесу. Дайсці да лесу трэба было да 4 раніцы. Пачатак бою – а 6 раніцы. Далей нам трэба было таемна прайсці праз, магчыма, замініраваны лес, у якім магла быць засада і выйсці на ўзлесак з боку вёскі Лазавое. Ўступіць у бой з жывой сілай праціўніка, прыкладна ў адзін-два ўзвода і вызваліць вёску ад рускіх. З суседніх акупаваных вёсак да рускіх магло падысьці падмацаванне. Таксама ў гэтым раёне знаходзіўся танкавы батальён рускіх з каля 18 танкаў Т-72. Канкрэтна на нашым участку бою іх было 3. Працавала расейская авіяцыя – адзін самалёт і два верталёта. Нас падтрымлівалі украінскія БМП.
Наша група (=аддзяленне) вылучылася да пераправы ў 22 гадзіны. Цёмна. Я ішоў першым, бо камандзір “Лысы” палічыў, што я лепш бачу ў цемры. “Папік” ішоў, калі не памыляюся, ў хвасце групы. Адразу ішлі вёскай. У цемры асцярожна пераступілі абарваны провад, які звісаў з электрычнага слупа. За ракой чутныя былі “выхады” рускіх мінамётаў. Мы, спачатку часцяком, клаліся на зямлю, пакуль не навучыліся па гуку адрозніваць траекторыю палёту міны. Нам трэба было прайсці каля 5 кіламетраў па прамой і потым згарнуць да ракі. У нейкі момант камандзір па рацыі ўдакладніў арыенцір для павароту і ў нас узнікла спрэчка: камандзір настойваў, што мы прайшлі арыенцір, а я – што мы яго не праходзілі і ён яшчэ наперадзе. Не ведаю чым бы скончылася гэтая сітуацыя, але “Папік” выступіў у ролі гэтакага трацейскага суддзі. Параіўшыся, мы пайшлі наперад – арыенцір на самой справе апынуўся наперадзе. Марш-кідок быў вымотваючы. Я, акрамя іншага, цягнуў з сабой падствольны гранатамёт і 20 вогаў (стрэлаў) да яго – гэта каля 6,5 кг вагі. А ў такіх паходах кожныя 100 грам вагі становяцца адчувальней з кожным кіламетрам. Кожны з нас нёс па супрацьтанкавай “трубе” і дзве мінамётных міны. Каля 300 патронаў да Калашнікава, як мінімум па 2 гранаты, па 2 літры вады і іншае. Само сабой мы былі ў бронекамізэльках, касках, накаленніках. Ах, так! Рыдлеўка! У кожнага з нас была рыдлёўка для абкопвання. Да пераправы наша група выйшла своечасова. Праўда намаяліся з начным арыентаваннем па незнаёмай мясцовасці і накруцілі лішні кіламетр. Усе былі стомленыя, але ніхто не скардзіўся.
Наша група перапраўлялася апошняй. Пераправа перад намі зацягнулася і ўжо пачынала днець. Была высокая небяспека выяўлення нас праціўнікам. Але ўсё прайшло добра. Хлопцы перайшлі раку па пояс уброд. А мне з “Геральдам” дазволілі сесьці ў лодку – мы былі замыкальнымі на пераправе і ў лодцы было месца для дваіх.
Не спыняючыся на падрабязнасцях, скажу, што поле і потым лес мы прайшлі добра. Наша група была ў рэзерве і прыкрывала мінамётчыкаў на ўскрайку лесу. Насупраць нас былі пазіцыі рускіх, а правей – сяло Лазавое. Спачатку мы з “Папікам” прыкрывалі лясную дарогу з тылу ад раптоўнага з’яўлення рускіх. Бой ужо ішоў. І менавіта тут я быў уражаны таму, што падчас бою птушкі спяваюць не перастаючы. Я яшчэ “Папіку”, які ў той час сядзеў непадалёк ад мяне спіной да дрэва, сказаў, што песня няправільная: “ЗДЕСЬ ПТИЦЫ НЕ ПОЮТ, Деревья не растут. И только мы, плечом к плечу, врастаем в землю тут”. СПЯВАЮЦЬ ПТУШКІ! І яшчэ як. Нібы няма вайны. Нібы не ляцяць і не разрываюцца снарады. “Папик”, седзячы спіной да дрэва, як і я, дастаў тэлефон і пачаў здымаць відэа. Я яшчэ пажартаваў: “Цік-ток войскі!”
Потым мы акапаліся тварам у бок рускіх. Не памятаю акоп “Папика”. Я сышоў з парамедыкам ў Лазавое, напалову вызваленнае на той момант ад рускіх, а “Папік” застаўся з хлопцамі прыкрываць мінаметчыкаў. Як казаў “Лысы”, “Папік” і “Геральд” выкапалі двайны акоп трохі ў баку. “Лысы” успамінае, што падыходзіў да іх і трохі пагутарылі – было разуменне, што яны адсюль жывымі не выйдуць і застануцца на гэтых пазіцыях назаўжды. Па пазіцыях хлопцаў за час бою пару разоў адпрацавала варожая Авіяцыя. Але ўсе засталіся цэлыя.
У наступны раз у гэты дзень 27 траўня 2022 мы перасекліся з “Папікам” толькі пасля 19 гадзін вечара. Лазавое ўжо была адбіта ў рускіх і мы атрымалі загад вярнуцца за раку.
“Брэст” пашыхтаваў нас на адзінай вясковай дорозе, паросшай нізкімі дрэвамі. Пералічыліся. І, спачатку пад танкавым, а потым няспынным мінамётным агнём рушылі гужам ляснымі сцежкамі да поля ля ракі. Усюды былі свежыя раны на дрэвах ад аскепкаў мін, месцамі трапляліся свежыя варонкі. Стаміліся страшна. Ужо выйшаўшы да ракі, высветлілася, што ўкраінскі афіцэр, які ўдзельнічаў з намі ў баі, цяжка паранены (як пазней высветлілася, страціў нагу, падарваўшыся на міне пры выхадзе з лесу да ракі). Трэба было знайсці і выцягнуць яго.
Пайшлі трое (“Брэст”, “Дзядзька” і я). Ішлі ўлегцы – ўсю нагрузку аддалі хлопцам, якія ішлі на пераправу. Мае рэчы размеркавалі паміж сабой трое, у тым ліку “Папік”. Дарэчы сказаць, ніхто не данёс – падчас мінамётнага абстрэлу пераправы, рэчы былі згубленыя. Як пазней мне казаў “Папік”, ён стараўся да апошняга данесьці мой заплечнік. Але калі дайшлі да ракі і пачалі пад абстрэлам яе фарсіраваць, зразумеў, што альбо ён там застанецца з маім заплечнікам, альбо трэба яго скінуць-нагрузка памножаная на стомленасць дала пра сябе ведаць. Менавіта на гэтым першым баявым мы зразумелі, што вайна-гэта ў першую чаргу пот, а ўжо потым кроў. Для “Папіка”, як і для мяне, гэта быў першы баявы вопыт.
Пасля бою за Лазовае ” Папік” быў адным з двух чалавек, якія мне сказалі даслоўна: “у цябе жалезныя яйкі”.
Лісічанск
Паміж першым і другім баявымі заданнямі быў адпачынак у Кіеве – паўтары дні. У пачатку чэрвеня 2022 мы прыбылі ў Лісічанск. Праз раку быў Севераданецк, часткова заняты рускімі. Менавіта тут мы пачалі сябраваць з “Папікам”, асабліва пасля сумеснай аховы пераправы праз раку ў Севераданецк.
Каб вы разумелі, для мяне вялікай загадкай засталося тое, што Лісічанск і Севераданецк – розныя гарады. Па-сутнасці гэта адзін вялікі горад, падзелены ракой з трыма мастамі, цалкам разбуранымі рускімі пры наступе. Лісічанск у той час ужо месяца паўтара быў без цэнтральнага водазабеспячэння і без электрычнасці. У горадзе заставалася каля 15 000 мірных жыхароў з амаль 100 000 да вайны.
“Брэст” і частка нашых хлопцаў з’ехала на пазіцыі ў Севераданецк. Аддзяленне, у якім быў “Папик” і я, павінна было вылучацца наступным. Трэцяя група заставалася ў рэзерве. Але пасля таго як перакуліўся браніраваны “Козак” з хлопцамі падчас спробы трапіць у Севераданецк і частка хлопцаў з пераломамі выбыла з аперацыі, групы перайгралі і выезд нашага аддзялення ў Севераданецк адклалі на больш позні тэрмін.
Мы з “Папікам” абмяркоўвалі гэтую тэму. І, па праўдзе сказаць, адразу востра негатыўна ставіліся да таго, што замест нас у Севераданецк выехала трэцяя група.
Неяк па дарозе на мясцовы рынак “Папік” казаў, што нас, маўляў, пакінулі як гаўнянае аддзяленне. У нас нават кулямётчыка няма. Адзін з хлопцаў “згубіўся” на папярэднім баявым выхадзе, а наш новы камандзір аддзялення занадта нярвовы без нагоды, маўляў што будзе, калі ў бой трапім (дарэчы, гэта ж “Папік” казаў у вочы камандзіру ў асабістай гутарцы), трэці хлопец, па словах “Папіка” нешта яшчэ, пра сябе ён таксама нешта сказаў (не памятаю ўжо што менавіта), а пра мяне сказаў, што я занадта мяккі і злосці мне трэба пабольш – маўляў, таму “Брэст” у бой не ўзяў. Але такі настрой быў першыя два дні, потым мы звыкліся і сталі проста чакаць. Менавіта ў гэтыя дні мы з “Папікам” жартавалі, што ВАЙНА – ГЭТА, ЧАСАМ, НУДНАЯ СПРАВА. Дні цягнуліся адзін за адным.
Я знайшоў чарэшню, вельмі смачную, якую можна было сарваць толькі залезшы на цеплатрасу, размешчаную ў 2,5-3 метрах над зямлёй на металічных стойках.
Прачытаў амаль усю кнігу французскіх дэтэктываў, якую папрасіў у мясцовых жыхароў і перад ратацыяй вярнуў ім (трываць не магу дэтэктывы, прасіў класіку, але, відаць, далі тое, што было не шкада). У прынцыпе нармальныя дэтэктывы апынуліся, асабліва “Дама ў акулярах і са стрэльбай у аўтамабілі”.
Некалькі разоў шпацыраваў па Лісічанску, назіраючы адмеціны вайны ў гэтым горадзе і часам размаўляючы з мясцовымі. Адным вечарам рускі снарад трапіў у нашы гаражы за 20 метраў ад нашай распалагі. З нашага вакна пасыпалася шкло. “Камаз” і бусік, якія там стаялі, ледзь удалося выратаваць з агню. Абстрэлы Лісічанска рускімі праходзілі пастаянна, з невялікімі перапынкамі.
І вось у адзін з такіх дзён, Ян “Беларус” назваў чатыры пазыўныя хлопцаў, якім трэба было паехаць акапацца і суткі ахоўваць пераправу праз раку ў Севераданецк. Я, як конь, застаяўшыся ў стойле, папрасіўся замяніцца з “Лахвічам”. Мая просьба была адобрана! Нарэшце хоць нейкае дзеянне!
Непадалёк быў “Папік”, які падышоў да мяне і прапанаваў пайсці разам. Пры ўмове, што я дамоўлюся з адным з хлопцаў памяняцца. Справа была вырашана. І, на маё пытанне, чаму “Папік” падахвоціўся ісці на пераправу, ён сказаў, што вырашыў ісці толькі таму што я падахвоціўся. Маўляў, “хтосьці ж павінен тваю дупу прыкрываць”. Гэта даслоўна.
На максімальнай хуткасці мы даехалі да чыгуначных шляхоў, перайшоўшы якія ў зялёнцы лесапаласы вышлі да ракі. Праз раку, між дрэвамі, быў нацягнуты канат. Гэта і была пераправа, якую нам трэба было ахоўваць.
Мы выбралі месца для акопа блізу ракі ля самай пераправы ў двух дрэў. Адно з іх расло ўбок фактычна паралельна зямлі. Зверху ад дронаў нас хавала”зялёнка” лесу. Двое хлопцаў, якія ахоўвалі пераправу разам з намі, акапаліся метрах у 20 глыбей у лесе.
Капалі акоп з “Папікам” па чарзе. Да цемры. Не паспелі скончыць цалкам, але выкапалі дастаткова для таго, каб схавацца ад аскепкаў. Адразу мы змагаліся з каранямі дрэў (сякеры не было), а потым з пластом белых рачных камянёў у перамешку з нейкім культурным пластом з чырвонай цэглай і нават, выпадкова знойдзенай мною, закамянеласцю ў выглядзе чалавечага мезенца з косткай ў падставы. На наступны дзень мы дакапаліся да вады і вырашылі проста пашырыць наш акоп.
Пераправа ўжо дзейнічала, але толькі па начах. Ноччу па ёй перапраўляліся на надзіманай лодцы ў Севераданецк украінскія жаўнеры з узбраеннем і боепрыпасамі, а назад, у выпадку неабходнасці, забіралі параненых. Байцы, седзячы ў лодцы, перабіралі рукамі па канаце і тым самым плылі ў лодцы да іншага берага. Мы знайшлі на беразе скрываўленую бронекамізэльку і раскрытую аптэчку. Кроў згусткамі згарнулася на адной частцы бронекамізэлькі. Другая была чыстая. “Папік” дастаў з яе бронепласціну і ўзяў з сабой.
Ноч, ды і содні дзяжурства, прайшлі адносна спакойна. Перыядычна над нашымі галовамі праляталі рускія снарады. Чутны быў “выхад” , праз некалькі секунд свіст над галавой і праз секунду-дзве разрыў у пару соцень метрах ад нас. Рускія білі па адзінаму пакінутаму з трох масце, які злучаў Лісічанск і Севераданецк. Наша пераправа не была выяўленая. Да нас даляталі толькі аскепкі, якія страцілі сілу. Яны з шамаценнем праз лістоту падалі ў некалькіх метрах ад нас на зямлю. Яшчэ вельмі моцна даймалі камары. “Папік” апынуўся “выгадным” напарнікам па дзяжурства. Ён практычна не спаў ноччу. І калі надышла яго чарга спаць, сказаў, што не хоча. Таму выспацца ў мяне атрымалася добра.
Гэта першае дзяжурства на пераправе мы шмат размаўлялі. “Папік” каля 20 гадоў пражыў ва Украіне. Ён казаў: “Я АБАРАНЯЮ СВОЙ ДОМ. А ВЫ, БЕЛАРУСЫ, ШТО ВЫ ТУТ РОБІЦЕ?”. Я яму тлумачыў за сябе. Як звычайна закрануў гісторыю. Даведаўся, што “Папік” родам з Оршы. Яго бацькі памерлі, калі ён быў падлеткам, і яго выхоўвала бабуля. А потым ён вырашыў з’ехаць. Маўляў, “я яшчэ тады зразумеў, што пры Лукашэнку нічога добрага ў Беларусі не будзе”. Я яму распавёў (ён не ведаў), што ў 1514 годзе пад Оршай адбылася бітва, у якой нашыя продкі разграмілі маскоўскае войска.
Я распавядаў аб тым, што Беларусь акупавана расейскімі войскамі. “Папік” казаў, што мабыць беларусы самі хочуць быць Расеяй. Я адказваў яму радкамі верша Максіма Багдановіча:
…Мо яны, Беларусь, панясьлiся
За тваiмi дзяцьмi ўздагон,
Што забылi цябе, адраклiся,
Прадалi i аддалi ў палон?
Бiце ў сэрцы iх – бiце мячамi,
Не давайце чужынцамi быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамi
Аб радзiмай старонцы балiць”...
Яно сапраўднае. Яму больш як за 100 гадоў, але актуальна і запатрабавана сёння. Шмат яшчэ аб чым размаўлялі той ноччу пад час аховы пераправы.
Ня ведаю як “Папік” успрыняў гэтую размову, але сваю пазіцыю я як мог паспрабаваў яму данесьці.
“Папік” распавёў, што яго дом у 250 кіламетрах ад лініі фронту ў Кіраваградскай вобласці. Ён прыняў рашэнне ісці ваяваць, таму што не хацеў, каб рускі салдат прыйшоў да яго ў дом. У яго ёсць жонка і трое дзяцей. Старэйшаму сыну (ад першага шлюбу) 18 гадоў. Ён выехаў накшталт на спаборніцтвы і вайна застала яго за межамі Украіны ў Іспаніі. Іншым дзецям, здаецца, 8 і 10 гадоў. У “Папіка” ёсць некалькі гектараў зямлі. Пытанні па яе ўгнаенню, узворванні і засеву вясной 2022-га ён вырашаў па тэлефоне. Яшчэ пагаварылі пра тое, якую культуру больш выгадна саджаць (семечкі і нешта яшчэ). Сам “Папік” працуе ў сферы будаўніцтва. Як правіла вахтавым метадам. Здаецца брыгадзірам. Адзін час працаваў прамысловым альпіністам (магу памыляцца). Быў галоўным здабытчыкам ў сям’і. Аб сваёй жонцы заўсёды цёпла адгукаўся. Перад сваім трэцім і апошнім баявым выхадам, пасля тыдня звальнення, ён сказаў прыкладна наступнае: “украінскія дзяўчыны самыя лепшыя ў свеце!” Ён не ўдакладняў, але я зразумеў, што гаворка ішла пра ягоную жонку. У “Папіка” на працы быў калега з якім ён сябраваў. Той быў спакойным чалавекам і “Папік” за яго заўсёды заступаўся ў розных сітуацыях.
Уварванне рускай арды ва Ўкраіну перавярнула звычайнае мірнае жыццё “Папіка” і яго сям’і з ног на галаву.
Ах, так! “Папік” яшчэ жартаваў. Маўляў, ведаеш чаму я з вамі (беларусамі-эмігрантамі) сябрую? Каб потым пасля вайны ездзіць з сям’ёй па Еўропе да вас у госці і не здымаць жыллё)). І яшчэ ў яго было ўяўленне пра тое, што мы “прыехалі на вайну з сытай Еўропы”. Маўляў, што мы тут забыліся.
А яшчэ я даведаўся чаму ў “Папіка” пазыўны “Папік”. Ноччу каля нашага акопа пад абаронай “зялёнкі” перыядычна чакалі пераправы ўкраінскія жаўнеры і мы, часам, перакідваліся з імі парай слоў. Ва ўкраінцаў з УСУ не было пазыўных. Гэта я даведаўся яшчэ ў Лазавым, перасякаючыся з імі. І вось тут, на пераправе, зайшла размова з украінцамі пра пазыўныя. Яны, пачуўшы пазыўны “Папік” заўсміхаліся і спыталі, чаму. Аказваецца, што ў “Папіка” любімы серыял называецца “Папік”. І вось таму ён абраў такі пазыўны.
…Трэба паглядзець гэты серыял. Дагэтуль рукі не дайшлі – сто гадоў не глядзеў серыялы, тым больш з такімі назвамі. Апошнім быў “Вікінгі”…
У 16 гадзін наступнага дня нас прыехалі мяняць. З радасным для нас паведамленнем, што праз тры гадзіны – у 19:00 мы выязджаем у Севераданецк на пазіцыі!
Пасля пераправы мы з “Папікам”, мабыць, адзіны раз памыліся ў хлопцаў з Замежнага легіёну-проста палілі сябе вадой з велізарнай пластмасавай бочкі. Да гэтага “мыліся” проста вільготнымі сурвэткамі. На той час у Севераданецку пры штурме будынку, захопленага рускімі, загінулі два замежніка з адным з якіх мы былі знаемы па Мікалаеву. Ен паказваў нам тактыку НАТА.
У 18: 30, нам, сабраным і гатовым вылучацца, паведамілі, што апошні мост у Севераданецк часткова разбураны рускімі, а яго рэшткі заблакаваны тэхнікай, якая захрасла на ім. Выязд адмяняецца(.
Так мы і не патрапілі ў Севераданецк. Потым “Брэст” па дарозе ў Кіеў абвясціў нам, прыкладна 15-ці байцам, якія не трапілі ў Севераданецк, што “хлопцы, вы нічога не падумайце, у Севераданецк павінны былі трапіць усё, але гэта вайна і на ёй заўсёды ўсё ідзе не па плану. На наступным баявым выхадзе вы пойдзеце першымі”. “Брэст” разумеў нас, сваіх байцоў, і адчуваў наш настрой і матывацыю.
Да канца нашага знаходжання ў Лісічанску я абяцаў “Папіку” і яшчэ аднаму нашаму байцу паказаць ім дзе ж расце гэтая чарэшня, да якой я наведваюся кожны дзень не па адным разе.
Калі шчыра, чарэшні мне было не шкада. Але вось як мы, трое байцоў, будзем выглядаць з боку на трубах цеплатрасы пад час паядання чарэшні, прымушала задумацца). Я ў чарговы раз пайшоў за чарэшняй і, калі вярнуўся, “Папік” у мяне запытаў чаму я яго з сабой не ўзяў. Я кажу – пайшлі. Мы пайшлі.
Цяпер, у Вільні, я купляю чарэшню і яна мне нагадвае Лісічанскую – такая ж смачная. А тады яшчэ яна кожны дзень даспявала. Я еў саспелую, а на наступны дзень прыходзіў і, яшчэ ўчора зялёная, яна станавілася саспелай пад гарачым Лісічанскім сонцам.
Праз пару дзен мы з “Папікам” зноў ахоўвалі пераправу. Калі вырашалі хто з нас 4-х будзе старэйшы і будзе адказваць па рацыі. Я перадаў рацыю “Папіку” – на мой погляд, ен добра б выконваў ролю камандзіра групы. Але старэйшым прызначылі мяне.
Планавалася ратацыя нашых хлопцаў з Севераданецку. І мы меркавалі, што яна пройдзе праз нашу пераправу. Нашыя меркаванні не спраўдзіліся – хлопцы пераплылі раку ў іншым месцы. Ноч была даждлівая. Мы з “Папікам” сядзелі над акопам, накрыўшыся гумавай накідкай ад лодак. Пад раніцу я пайшой паспаць. Расцяліў на зямлі карэмат і накрыўся гумовай накідкай ад лодкі. “Папік”, як звычайна, спаць не пажадаў.
Тое дзяжурства скончылася нечакана рана. А шостай гадзіне раніцы за намі прыехалі. “Папік” пабудзіў мяне і сказаў, што з’язджаем. І яшчэ паведаміў мне, што дрэва, пад якім я звычайна спаў днем павалілася невядома чаго. Маўляў, покуль я спаў, прыляцеў нейкі снарад. Трапіў у дрэва, але не ўзарваўся. А дрэва павалілася ў некальнік метраў ад таго месца, дзе я спаў. Мо так і было, а мо і не. Я ў сне гэтага не чуў. Нават мой позірк не захаваў у памяці тое, каб я паглядзеў на тое паваленая дрэва. Я толькі пажартаваў у адказ, што недарэчна было б загінуць на вайне пад час сну ад паваліўшагася дрэва.
У той жа дзень, здаецца 15 чэрвеня, мы раціраваліся. Побач са мной у бусіку сядзеў баец з нашага адзялення. “Папіку” мы занялі адзіночнае месца побач з намі. Нязручныя сядзенні. Хаця, здаецца, мэрсэдэс. Ўсю дарогу “Папік” быў неразгаворлівы, у нейкіх сваіх думках. Спрабавалі жартаваць над ім, але ен толькі пасміхаўся – думкі яго былі дзесьці далека ў той момант. Першую частку шляху мы ехалі ў броніках, бо была пагроза абстрэлу. Потым без іх, толькі з аўтаматамі. Шлях да Кіева заняў каля 12 гадзін з невялікімі перапынкамі. Мне не падабалася губляць час на прыпынкі для перакуру (я не куру) і туалет (мне здаецца, што занадта часта спыняліся). У адным месцы добра падсілкаваліся ў армейскай сталовай. Рушылі далей. Сцямнела Час быў каля 11 гадзін вечара. Прыпынак. “Зноў” – падумаў я. А тут хтосьці пераказвае словы нашага камбата “Брэста” – “будзем есьці”. Першая думка: “Што за глупства. Мы яшчэ не згаладалі”. Бяру аўтамат. Выходжу з хлопцамі. Невялікі будынак. Свет з адчыненай дзверы, нейкае полымя – робяць шашлыкі. Заходзім у памяшканне і…. Я быў здзіўлены? Гэта нічога не сказаць!
Зайшлі, быццам ва ўкраінскую хату і трапілі на вяселле! Вялікі стол. Жанчыны, мужчыны, здаецца нейкія сваякі, па ўражанню. Яны гатуюць, падаюць нам ежу. Накрываюць стол. Адразу ўяўленне нейкага падману. Казкі. Успомніў “Вечары на хутары каля Дзіканькі”. Быццам варажба! Здавалася, што праз момант нешта здарыцца і усё гэта ператворыцца ў нейкае жытло нечысьці. А ветлівыя гаспадыні прымуць аблічча вядзьмарак))
“Папік” так апісваў гэта цудоўнае кафэ на дарозе між фронтам і тылам: “По дороге домой в кафе.не передать вам.нас до 100.накормили ,без денег.там без слез не обошлось.ну и песни танцы.”
Адпачынак у Кіеве
У Кіеў мы вярнуліся, калі не памыляюся, 16 чэрвеня 2022. “Брэст” абвясціў аб тыднёвым адпачынку да серады, 22 чэрвеня. Мы выпісалі звальняльныя і кожны планаваў свой адпачынак. “Папік” паехаў дадому. Па-мойму 17 чэрвеня гэта было. Як ён потым казаў, 15 кіламетраў ад транспарту да дома ён “як малады” праляцеў быццам на крылах.
На фотаздымках у Instagram “Папіка” за той перыяд адлюстраваны шчаслівы адпачынак з сям’ёй дома.
У наступны раз я ўбачыў “Папіка” 22 чэрвеня. Ён сказаў, што “ўсё-ткі ўкраінскія дзяўчыны самыя лепшыя”. Я не ўдакладняў, але ў мяне і сумневаў не было, што гаворка пра яго жонку.
У нас было шыхтаванне. Заўтра чакаўся выезд на чарговае баявое. Пасля шыхтавання быў сход у актавай залі на якім байцы батальёна “Волат” абмяркоўвалі назапашаныя пытанні ў палку. Была нават прапанова не ехаць на баявое, пакуль усе асноўныя пытанні не будуць вырашаны.
Мы з” Папікам” сядзелі побач. І дзесьці у сярэдзіне абмеркавання ён вырашыў выйсці (я яшчэ ўстаў, каб ён змог прайсці). “Папік”нічога не сказаў, але па міміцы і рухам я зразумеў, што яму непрыемна тут знаходзіцца і выслухоўваць усю нашу “беларускую кухню”. Я яшчэ пашуткаваў з яго, зразумеўшы прычыну яго сыходу: “слабое звяно!)”.
23 чэрвеня чаканне выезда пачалося з самай раніцы. Хлопцы з рэчамі былі гатовыя і тусаваліся на вуліцы. Сам выезд у выніку адбыўся толькі ўвечары. Я прыходзіў да іх, то сыходзіў. І, дарэчы, прапусціў момант ад’езду хлопцаў. Толькі ў акно ўбачыў, але не паспеў – яны ўжо з’ехалі.
У якісьці момант “Дзядзька” пашыхтаваў сваіх хлопцаў, у тым ліку “Папіка”. І не стаяў з хлопцамі ў адным страі. Гэта было так нязвыкла для мяне. Я чакаў звальнення, каб выехаць за межы Украіны ў Вільню для падаўжэння ВНЖ. Пасля шыхтавання або да яго, не памятаю дакладна, “Дзядзька” пра нешта размаўляў з “Папікам” на падвышаных танах. Я так, зразумеў, што гэта звязана з тым, што “Папік” негатывіў на нашыя “беларускія” унутрыпалкавыя церкі і размова ішла менавіта пра гэта. Дарэчы “Папік” заўжды казаў, што можа сысьці з палка ў УСУ, бо ен прыйшоў ваяваць, а не спрачацца.
У гэты дзень, 23 чэрвеня, хлопцы з’ехалі на баявое. На наступны дзень, раніцай 24 чэрвеня, я даведаўся, што магу пакінуць тэрыторыю Украіны і праз дзве гадзіны быў на аўтавакзале ў Кіеве, а праз содні ўвечары 25 чэрвеня – выйшаў з аўтобуса на аўтавакзале ў Вільні.
Перад ад’ездам усім, у тым ліку “Папіку” я казаў, што не буду нічога абяцаць, але верагоднасць таго, што я вярнуся, атрымаўшы ВНЖ, таму ва Украіну – 70%. Таго, што не вярнуся-30%.
Апошняе аб чым перад ад’ездам мяне прасіў “Папік” – гэта абавязкова напісаць яму, калі прыеду ў Вільню праз пару дзён. Я спытаў навошта. Ён адказаў: маўляў, “прыедзеш да сваёй дзяўчыны, пабудзеш у сытай Еўропе ў Вільні, і ўжо не захочаш вяртацца”.
Я напісаў, але не паспеў…
26 чэрвеня 2022 Лісічанск, апошні бой “Папіка”
26 чэрвеня 2022 хлопцы пайшлі на заданне пад Лісічанск. Сярод іх быў “Папік”. Камандаваў групай з прыкладна 10 чалавек “Брэст”.
Калі коратка, то было прыкладна так (я не быў там, таму інфармацыя можа быць скажоная). Лісічанск быў на мяжы здачы рускім.
Хлопцы выйшлі на заданне і натыкнуліся на рускіх. Прыкладна рота, якую падтрымлівала каля 10 танкаў, якая выйшла на пазіцыі для штурму дарогі да Лісічанску. Завязаўся вельмі шчыльны бой, дыстанцыя да праціўніка была ўсяго каля 15 мэтраў. Хлопцы без страт выйшлі з першага баявога сутыкнення, адкінуўшы рускіх.
Поле. Да невялікага леса 300-500 метраў. Неўзабаве прыехаў рускі танк. Ён быў у “150-ці метрах” ад хлопцаў. “Брэст” узняўся з травы і стрэліў у яго з супрацьтанкавай “трубы”. Трапіў. Танк адпрацаваў па “Брэсту”. “Брэст” загінуў практычна адразу. Танк працягнуў страляць па тых, хто падымаўся з травы.
“Атам” быў побач з “Брэстам”. Ён пабег да парамедыка паведаміць пра стан “Брэста”. Побач выбух танкавага стрэлу. “Атам” атрымлівае раненне ў спіне, несумяшчальнае з жыццём (быў бачны пазваночнік і пульсавалыя ўнутраныя органы), але пры гэтым застаецца ў свядомасці. Парамедык перадае па рацыі, гледзячы ў вочы яшчэ жывому “Атаму”, што “”Атам” 200″.
“Сябро” и “Папік” былі троху далей. Як загінуў “Папік” сведчанняў пакуль няма.
Хлопцы сваімі жыццямі затрымалі наступ рускіх на Лісічанск. Далі час украінскім жаўнерам не трапіць у акружэнне.
Афіцыйны каментар прэс-службы палка Каліноўскага па падзеях таго дня: “Можна сказаць упэўнена, што дзякуючы асабістаму гераізму і самаахвяраванасці нашыя беларускія хлопцы змаглі спыніць наступ танкавай калоны, тым самым даўшы магчымасць бяспечна адысці асноўным сілам УСУ на тым напрамку.”
На сенняшні дзень есьць толькі фатаграфіі целаў загінулых “Брэста”, “Сябро”, “Папіка” у тэлеграм-каналах нейкай групоўкі рускіх “адважныя”. І відэа з узятымі ў палон “Клящом” і “Тромблі”.
“Папік” загінуў?
Напэўна на гэтае пытанне можна будзе адказаць толькі атрымаўшы цела, падобнае да “Папіка”. Я бачу, што падабенства 90%. Выклікае сумневы бранзалет на правай руцэ. “Папик” ніколі не насіў бранзалеты. Бронекамізэлька, “труба”, цёмная майка – накшталт “Папіка”.
Я доўга думаў: ці варта выкладаць фатаграфію з меркаваным целам майго пабраціма. У першую чаргу я клапаціўся аб пачуццях блізкіх яму людзей. Але ведаеце. Тое што я бачу, чую іншым часам ва Ўкраіне, Беларусі, Літве. Ад людзей, якія вераць прапагандзе: рускія вызваляюць Украіну ад нацыстаў, фотаздымкі забітых мірных – гэта фэйк, Пуцін ўсе правільна робіць, вайна далека, гэта не наша вайна і іншае. Такім людзям трэба паказваць праўду аб вайне. Нават калі яна жудасная. Каб смерці герояў не былі дарэмнымі.
Толькі моцныя пачуцці могуць нешта змяніць у галовах людзей, параненых хлусней рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі. Толькі моцныя пачуцці і асабісты вопыт можа перайначыць стаўленне да падзей у “хатаскрайнікаў”. Вайна ідзе. Ідзе цяжка. “Папік” не быў “бандэраўцам”, не быў ен і “нацыстам”. Гэта быў добры сем’янін, сапраўдны мужчына, які са зброяй у руках, добраахвотна пайшоў бараніць СВАЕ ад іншаземных захопнікаў. Я ганаруся тым, што ведаў яго.
Мы, беларусы, павінны браць прыклад з тых, хто не схіляе галову ў хамуце, а бароніць СВАЕ, нават рызыкуючы сваім жыццем. Толькі тады Беларусь стане вольнай, калі мы, беларусы, уздымем галовы і зможам прама ў вочы глядзець лукашысцкім ды расейскім акупантам!
Слава Ўкраіне!
Жыве Беларусь!